Беларуская Служба

Еўракамісія панізіла прагноз эканамічнага росту Польшчы.  Эксперт: гэта не падстава для трывогі

20.05.2025 14:14
Галоўны эканаміст Нацыянальнай гандлёвай палаты Пётр Сарачыньскі адзначыў, што прагнозы Еўракамісіі даволі стрыманыя, і ў выпадку з Польшчай яны могуць быць нават заніжанымі.
     ,      1,1    1,5.
У цэлым у Еўрапейскім саюзе чакаецца, што рост эканомікі складзе толькі 1,1% замест раней прагназаваных 1,5%.Shutterstock/Goksi

Паводле апошніх дадзеных Еўрапейскай камісіі, прагноз росту ВУП у Польшчы на 2025 год зніжаны з 3,6% да 3,3%. У цэлым у Еўрапейскім саюзе чакаецца, што рост эканомікі складзе толькі 1,1% замест раней прагназаваных 1,5%.

Галоўны эканаміст Нацыянальнай гандлёвай палаты Пётр Сарачыньскі адзначыў, што прагнозы Еўракамісіі даволі стрыманыя, і ў выпадку з Польшчай яны могуць быць нават заніжанымі.

— Камісія разумее, што мы, найхутчэй, не апынемся ў такой складанай сітуацыі, як буйныя эканомікі. Таму лічу, што агучаныя дадзеныя — не падстава для асаблівай трывогі. Мы ўсведамляем, што першы квартал быў слабейшы, чым чакалася, але вынікі аказаліся даволі прыстойныя. Безумоўна, пэўнае замяшанне паўплывае на другі і трэці кварталы, але далей усё будзе залежаць ад глабальнага гандлю.

Эксперт таксама адзначыў, што на агульнае зніжэнне эканамічных прагнозаў у Еўропе паўплывалі геапалітычная нестабільнасць і пагроза новай гандлёвай вайны. Дадатковым фактарам, які пагаршае канкурэнтаздольнасць еўрапейскай эканомікі, ён назваў жорсткія нарматывы — у тым ліку экалагічныя.

— Мы, безумоўна, ганарымся гэтымі стандартамі, але яны не дзейнічаюць у дачыненні да нашых канкурэнтаў — і гэта стварае няроўныя ўмовы, — падкрэсліў эканаміст.

На думку Сарачыньскага, нават ва ўмовах абмежаванняў і рызыкаў цяперашнія тэмпы росту эканомікі ў Еўропе можна лічыць станоўчым вынікам.

IAR/эж